БАЗА - Belarusan-American Association

Анонсы беларускіх мерапрыемстваў у Ню-Ёрку і іншых гарадах Амэрыкі, што праводзяцца пад эгідай БАЗА.


ШТО ТАКОЕ БАЗА?

БАЗА (Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, Belarusan-American Association Inc.) -- найбуйнейшая і найстарэйшая арганізацыя іммігрантаў зь Беларусі ў ЗША. БАЗА была заснаваная ў 1949 годзе і з таго часу зьяўляецца прадстаўніцтвам беларускіх нацыянальных інтарэсаў у Злучаных Штатах.

БАЗА складаецца з аддзелаў і гурткоў, кожны зь якіх зьяўляецца самастойнай арганізацыйнай адзінкай. Найбуйнейшыя аддзелы БАЗА існуюць у Ню-Ёрку, Агаё і Ню-Джэрзі. Дзейнічаюць таксама гурткі ў Канэкцікуце, горадзе Вашынгтоне (акруга Калюмбія), Флорыдзе і Каліфорніі; у стадыі фармаваньня знаходзіцца яшчэ шэраг гурткоў.


ШТО ГЭТА ЗА СУПОЛКА?

Гэтая суполка створаная Бруклінскім аддзелам БАЗА (Ню-Ёрк) з мэтаю інфармаваньня пра мерапрыемствы, якія адбываюцца пад эгідай гэтага аддзелу. Запрашаем таксама інфармаваць пра мерапрыемствы ў іншых штатах і гарадах, а таксама зьмяшчаць цікавыя і карысныя артыкулы для беларусаў у Амэрыцы, дробныя прыватныя абвесткі ды г.д.

Суполка НЕ ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА ворганам Бруклінскага аддзела і БАЗА ўвогуле, таму яна кіруецца стваральнікам і прызначанымі мадэратарамі. Суполка не належыць БАЗА ці іншай арганізацыі і не кіруецца яе/іх статутамі.


ПРАВІЛЫ СУПОЛКІ

1. УВАГА! Суполка зьяўляецца непалітычнай. Таму спасылкі на рознага кшталту артыкулы, заявы, пэтыцыі ды г.д. не вітаюцца і, як правіла, выдаляюцца мадэратарамі.

2. Стаць сябрам суполкі можа любы, аднак, паводле рашэньня мадэратараў, вам могуць задаць дадатковыя пытаньні (напрыклад, пра вашыя адносіны да Беларусі) і, на гэтай падставе, не задаволіць запыт.

3. Новадалучаныя сябры! Калі ласка, распавядзіце пра сябе ў двух словах: хто вы, дзе жывеце, адкуль і калі прыехалі зь Беларусі, чым займаліся на радзіме і чым займаецеся ў ЗША, якія пляны на будучыню, якія беларускія асяродкі ёсьць там, дзе вы жывеце, ды г.д. Карацей, як мага больш інфармацыі пра вас. Дзякуй вялікі.